АП’ЯНЕННЕ Ў ЦЯЖКАЙ СТУПЕНІ І ГВАЛТ…

У Бялынiцкi РАУС працягваюць паступаць паведамленні аб сямейных скандалах. Так, напрыклад, 19 кастрычніка жыхарку аграгарадка Вішоў збіў родны брат, а жанчыну з вёскі Малінаўка Цяхцінскага сельсавета — былы муж у стане алкагольнага ап’янення. У той жа дзень і таксама ў п’яным выглядзе жыхар вёскі Краснае пасварыўся з жонкай і паспрабаваў распачаць бойку, але жанчына выклікала супрацоўнікаў міліцыі. Крыху далей зайшоў мужчына з вёскі Туалін, які сваю сужыцельку ўвогуле выгнаў з хаты.

Узяліся за старое.
Вартаўнікі ў чарговы раз не апраўдалі ўскладзеных на іх надзей. 20 кастрычніка ў ходзе праверкі МТК “Ключыкі” ААТ “Новая Друць” супрацоўнікі РАУС выявілі двух прадстаўнікоў гэтай адказнай прафесіі, якія ў стане алкагольнага ап’янення соладка спалі на сваім працоўным месцы (адзін з іх на здымку).

Перайменаваць у “Недагляд”.
19 кастрычніка ў райаддзел міліцыі звярнуўся жыхар райцэнтра: нехта сарваў навясны замок з дзвярэй яго гаража ў ГБК “Дазор” і скраў адтуль бензапілу “Урал”. Узбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 205 КК Беларусі (“Крадзёж”).

Ненадзейныя сабутэльнікі?
З параненым тварам і падазрэннем на пералом ніжняй сківіцы на прыём да ўрача ЦРБ 22 кастрычніка патрапіў 57-гадовы жыхар вёскі Асмолаўка. У 11 гадзін раніцы мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення. Ён патлумачыў, што ў райцэнтры яго збілі знаёмыя.

Эх, Шарык…
Знішчэнне 10 курэй 24 кастрычніка агарнула жахам іх уладальніка – жыхара аграгардка Свяцілавічы. Зламысніка хутка выявілі. Ім аказаўся суседаў сабака. Шарыку нічога не будзе, а вось на яго гаспадара склалі адміністрацыйны пратакол па ч.2 арт.15.47 КаАП Беларусі (“Парушэнне правілаў утрымання хатніх і (або) драпежных жывёл”). За вольную натуру свайго чатырохногага сябра мужчына можа заплаціць немалы штраф.

Ведай меру.
24 кастрычніка а пятай гадзіне вечара ў прыёмны пакой ЦРБ паступіў бялынічанін з дыягназам: “алкагольнае ап’яненне цяжкай ступені”. Ён быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне. У гэтым годзе мужчына не ўпершыню трапляе на ўвагу супрацоўнікаў РАУС. За знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення на яго склалі чарговы адміністрацыйны пратакол. Дарэчы, усяго на мінулым тыдні за гэта правапарушэнне склалі 14 пратаколаў.

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, зафіксаваны 5 фактаў прычынення пабояў, 2 дробныя крадзяжы, 1 беспадстаўны выклік супрацоўнікаў міліцыі і 3 дробныя хуліганствы. 

Анастасія МАКЕЕВА. (газета «Зара над Друццю»)