ВАРТАЎНІКІ ВЫПРАЎЛЯЮЦЦА?

Прыемна, што на мінулым тыдні парушэнняў у працы вартавой аховы выяўлена не было. Але, па інфармацыі начальніка штаба Бялынiцкага РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, супрацоўнікі міліцыі зарэгістравалі 10 фактаў знаходжання жыхароў раёна ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення, 3 — прычынення пабояў, 4 і 2 факты дробных хуліганстваў і крадзяжоў, суадносна, а таксама 1 беспадстаўны выклік супрацоўнікаў міліцыі.

Нахабнік пакараны.
12 кастрычніка жыхарка райцэнтра навучыла дарожнай дысцыпліне вадзіцеля мікрааўтобуса, які не прапусціў яе на пешаходным пераходзе па вуліцы Калініна, ды яшчэ і вылаяўся на адрас жанчыны нецэнзурнымі словамі. Пакрыўджаная бялынічанка звярнулася ў РАУС. Будзем спадзявацца, што адміністрацыйны пратакол, складзены на вадзіцеля мікрааўтобуса, прымусіць яго перачытаць правілы дарожнага руху.

Хапальны рэфлекс.
13 кастрычніка ў РАУС звярнуўся жыхар аграгарадка Свяцілавічы, з двара дома якога невядомы пакуль злодзей скраў плуг. Відавочна, гіпертрафіраваны хапальны рэфлекс некаторых жыхароў раёна не пакідае ім аніводнага шанцу спакойна прайсці міма чужой маёмасці.

Суіцыд.
14 кастрычніка а палове 5 гадзіны вечара ў АДС РАУС паступіла паведамленне бялынічаніна аб тым, што ў гаспадарчай пабудове яго домаўладання ў аграгарадку Цяхцін скончыла жыццё самагубствам 25-гадовая дзяўчына.

Самагоншчыкі актывізаваліся.
Тры літры вадкасці з характэрным пахам самагону выявілі супрацоўнікі РАУС 14 кастрычніка падчас агляду домаўладання жыхара вёскі Каліноўка. У той жа дзень яны канфіскавалі і 30 літраў вадкасці з пахам брагі ў нідзе не працуючай бялынічанкі.

Кемлівы механізатар.
Члены аглядальнай камісіі былі дужа здзіўленыя, калі выявілі ў домаўладанні аднаго з жыхароў аграгарадка Свяцілавічы 2 каністры з пафарбаваным дызельным палівам. Падчас рэйду гаспадара дома не было. Яму патэлефанавалі, каб папярэдзіць аб канфіскацыі паліва. Пазней мужчына, напэўна, забыўся на інцыдэнт, бо паведаміў супрацоўнікам РАУС, што каністры ў яго нехта скраў, прыхапіўшы і відэарэгістратар з аўтамабіля. Прыбор, дарэчы, знайшлі ў хаце, а за беспадстаўны выклік і незаконнае захоўванне паліва, якое пастаўляецца ў сельгасарганізацыі, на механізатара склалі адміністрацыйныя пратаколы.

ДТЗ.
17 кастрычніка ў аграгарадку Вішоў на вуліцы Камсамольская сутыкнуліся “Сітраен Ксанція” і “Фальксваген Пасат”. У ДТЗ ніхто не пацярпеў.

Рамантыка з наступствамі.
Мужчына і жанчына з аграгарадка Цяхцін 17 кастрычніка культурна адпачывалі ў кафэ “Бабуліна хатка” райцэнтра. Ці быў той дзень асаблівым для іх, невядома, але захацелася парачцы пакінуць сабе на памяць якую-небудзь рэч. За крадзёж дзвюх сурвэтак на цяхцінцаў складзены адміністрацыйныя пратаколы па ч.1 арт. 10.5 КаАП Беларусі (“Дробны крадзёж”).

Анастасія МАКЕЕВА, газета «Зара над Друццю».